Анджэй Струміла — мастак, графік, скульптар, фатограф, паэт, пісьменнік, сцэнограф. У Польшчы яго клічуць “Леанарда”, ён – вучань легендарнага Уладзіслава Страмінскага, жыхар Вялікага Княства Літоўскага, як называў сябе сам. Нарадзіўся ў Вільні. Памёр у Сувалках.
І Андрэй Куціла паспеў засняць завядзёнку жыцця мастака ў яго апошнія гады — у цудоўным доме на Падляшшы, дзе творца стварыў свой свет. Прасторная сядзіба з паркам камянёў на падворку. Стайні з канямі. Побач – рэчка і прастор. І кнігі і музыка, і гарбата з мёдам, і размовы на кухні, і напоўненае маўчанне.
Гэты свет прыцягвае маладую беларускую мастачку Марыю — дзяўчына прыязджае ў дом спадара Анджэя, каб пагутарыць з майстрам, зрабіць накіды з натуры, пакатацца на конях. Чым мы можам прыцягнуць іншага чалавека, так гэта сваім ладам жыцця, сваёй цывілізацыяй, калі яна ў нас ёсць. І ў дачыненні пана Анджэя Струмілы — гэта зусім не перабольшванне. Яго хутар — з гісторыяй, яго жывапіс поўны сакральных рэлігійных матываў, ён сам — творца, якія ўбірае некалькі эпохаў і гатовы падзяліцца сваім бачаннем і досведам. Марыя як духоўная спадкаемца цягнецца да свету, які можа сыйсці разам з гэтым чалавекам…
VODBLISK — анлайн-кінатэатр, які імкнецца прасоўваць незалежнае беларускае кіно і даваць голас незалежным беларускім фільммэйкерам і фільммэйкеркам. Новыя фільмы з’яўляюцца на платформе штомесяц, доступ да любога з іх можна купіць на 30 дзён. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець увесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе бясплатна, доступ да аднаго фільма з-за мяжы каштуе 5 долараў.
Глядзець фільм «Summa» Андрэя Куцілы ў яго раскладзе – можна тут.
Заглавное фото предоставлено - Thirdman