На запрашэнне польскага боку намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка ў складзе дэлегацыі правёў сустрэчу з новым маршалкам (спікер) сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай.

Паводле інфармацыі прэс-службы Латушкі, спікер верхняй палаты Нацыянальнага сходу “адзначыла важнасць падтрымкі беларускага грамадства, дэмакратычных сілаў у гэты складаны для Беларусі час” і падкрэсліла, што парламент Польшчы “стаіць на баку беларускіх дэмакратычных сілаў”.

“Кіраўніца сената пагадзілася з пазіцыяй пра немагчымасць разглядаць прызначаную [на 25 лютага 2024 года] электаральную падзею ў сённяшняй Беларусі ў якасці выбараў, а таксама выказала гатоўнасць ва ўзаемадзенні з членамі новага ўрада Польшчы абмеркаваць праблемы, якія былі паднятыя прадстаўнікамі беларускай грамадскасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Латушка “адзначыў важнасць і ключавую ролю Польшчы ў выпрацоўцы агульнай палітыкі Еўрапейскага саюза ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі, а таксама ў пытаннях падтрымкі беларускага грамадства і дэмакратычных сілаў”. Кіраўнік НАУ “надаў асаблівую ўвагу важнасці прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і павелічэння санкцыйнага ціску на рэжым”.

Беларускі бок узняў пытанні палітычных зняволенняў і важнасць захавання пытання палітвязняў у міжнародным парадку дня. Падкрэслена “важнасць выдачы віз для наведвання краін Еўрапейскага саюза для тых палітзняволеных, якія выходзяць на волю, а таксама для іншых грамадзян Беларусі”. Закранута тэма падтрымкі вольных СМІ.

Абмеркавана падтрымка беларускай культуры і свабодных беларускіх спартсменаў за мяжой.

Латушка “падняў праблему легалізацыі беларусаў у Польшчы і звярнуўся з просьбай аказаць садзейнічанне ва ўстанаўленні кантактаў АПК з новым кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў”.

Photo by Ahmed Adly