Дух беларускага трэйла можна было адчуць у мінулыя выхадныя каля вёскі Цінаўка ў Полацкім раёне. Каманда праекта «Ласіная сцежка» ладзіла тут забегі па бездарожжы, крос-кантры велагонку, свiмран і дуатлон «Чорнае возера». Спаборніцтвы сабралі аматараў нясумнага ладу жыцця з розных куткоў краіны. Gorod214 не мог абысці ўвагаю такую адметную падзею. Дзелімся ўражаннямі – паглядзіце, якія цудоўныя спартовыя святы робяць нашы людзі. Магчыма, яшчэ не ўсе ведаюць, якія шыкоўныя спартыўныя фестывалі ладзяць нашы землякі. Падрабязней пра тое, як полацкія хлопцы прыдумалі праект еўрапейскага ўзроўню, мы раскажам неўзабаве – рыхтуем інтэрв’ю з кіраўніком «Ласінай сцежкі» Антонам Навічэнка. А цяпер проста па-сяброўску падзелімся ўражаннямі ад адной цудоўнай летняй ночы пад Полацкам. Антон Навічэнка На два дні лакацыя «Вёска Цінаўка» пераўтварылася ў спартовы кэмп з вельмі лёгкай і цёплай атмасферай, якую на сабе адчулі, напэўна, усе ўдзельнікі мерапрыемства. Даведацца, хто на якіх дыстанцыях атрымаў перамогі, вы можаце па гэтай спасылцы. Каманда вельмі клапоціцца аб тым, каб добрага відэа- і фотакантэнту хапіла ўсім, і такі падыход таксама дадае прывабнасці праекту. Што ўбачылі мы? Уявіце сабе, што трапляеце ў лагер на прыродзе: намёты, вогнішча, музыка, смачная ежа, вясёлыя і шчаслівыя ад сапраўднай летняй свабоды дзеці, мілыя парачкі, абсалютна задаволеныя сабакі (некаторыя ўдзельнікі ўзялі з сабой і гэтых сяброў) і проста агульны святочны настрой. Лета, рамантыка, добрыя людзі і вялізны месяц у таямнічым полацкім космасе. У кожным прачнецца лірык, калі бачыш, як маленькая дзяўчынка чакае тату на фінішы, але проста з-за позняга часу і колькасці эмоцый засынае – і стомлены, але шчаслівы тата, нясе яе да намету. Дачка на руках, на шыі – медаль, а побач – любая жонка, таксама абсалютна задаволеная момантам. Ці калі бачыш, як ля вялікага вогнішча збіраюцца незнаемыя людзі, і спачатку маўчаць пра адное і тое ж (чакаюць сваіх на фінішы), а потым пачынаюць абмяркоўваць нешта, што лунае ў агульным паветры. Прыгожы атлетычны хлопец просіць сфоткаць яго ля фотазоны, якія ў праекта інстаграмна-шыкоўныя. Раз – і можна завязваць знаёмства, калі каму трэба. Ці маленькі хлопчык без пярэдніх зубоў усміхаецца табе, так шчыра, што свет зноў здаецца добрым і дасканалым. Ці бачыш, як маці перажывае за дачку, якая магчыма, першы раз на такім старце, і хоць сама ўжо дарослая і мама, але ёй так патрэбна падтрымка. Ля тваіх ног трэцца нечый мілы сабака, у смартфоне батарэя блізіцца да нуля, а хочацца сфоткаць усё – і ты выбіраеш быць у моманце. Атрымліваць асалоду ад таго, што адбываецца, што зроблена крутымі і таленавітымі людзьмі. Калі вярнуцца да спорту, то канкрэтна ў гэтую ноч адбываўся відовішчны трэйл. Удзельнікі беглі каварную дыстанцыю прама ноччу: старт адбыўся ў 22.40. Эпічная музыка на старце (яе аўтар, дарэчы, палачанка Таццяна Сцяпанава), мандраж нават у групы падтрымкі – і ўсё, пабеглі. Хто 6 км, хто 12, можна было выбіраць па сваіх магчымасцях. Трасу зрабілі такую, каб эмоцый было не менш, чым фізічных намаганняў. Адна ўдзельніца, якая прабегла палову дыстанцыі, паспела пракрычаць у натоўп: «Это не бег, это какое-то скалолазание!», але па ўсім было відаць, што такое выпрабаванне вельмі бадзёрыць. На фінішны брудныя, стомленыя, мокрыя і дзіка шчаслівыя людзі. Яны перамаглі не кагосьці там, а самі сябе – свае страхі, магчыма, ляноту і няўпэўненасць. Гэта, мабыць, самае каштоўнае, што здабываюць удзельнікі разам з медалямі. А калі б вы бачылі, як у цемры на трасе бяжыць спачатку маленькая фігурка, а да яе падбягае гарачы ад эмоцый арганізатар і дае ў рукі факел… Значыць, што гэта не проста фігурка, а пераможца. Ты абсалютна не ведаеш, хто гэта, упершыню бачыш чалавека, але рады за яго, як за роднага. Неверагодна! Вядома, больш за ўсіх падтрымліваеш сваіх. Бо на ўласныя вочы бачыш, як гэта цяжка і адначасова прыгожа – пераадольванне сябе, змаганне, барацьба, а потым такую эйфарыю раздаюць гэтыя фінішоры! Ці трэба казаць, што людзі з ліхтарыкамі на галаве ў начной цемры, у лесе – гэта ўжо само па сабе лепшая рамантыка. А калі гэта ты сам ці твой блізкі, проста немагчыма не сінхранізавацца з усім гэтым, не адчуць сябе часткай цудоўнай ночы. І варта ведаць, што усё гэта не дзе-небудзь – гэта ў нас, у Полацку. Такія старты здараюцца рэгулярна, а мы проста падзяліліся з вамі эмоцыямі ад начного трэйла. 17 жніўня, таксама амаль ноччу, магутная каманда Elkpath (гэта тая ж «Ласіная сцежка», толькі на ангельскай мове) праводзіць у Полацкумзабег «Старажытны горад». Падрабязнасці можна даведацца на сайце. Удзельнічайце ці проста прыходзьце падтрымаць – усё цікавае побач. І гэта вельмі крута. Читайте также: В Полоцке приглашают на ночные экскурсии о тайнах подземного города «Эти лавочки – просто моя любовь!». Жители Полоцка рассказали, как похорошел город и где теперь особенно уютно «Очень впечатлилась ее житием!». Каким увидела Полоцк популярная российская художница-блогер?
Photo by Anna Shvets