Паводле слоў Караткевіча, па выніках даследавання, праведзенага напрыканцы 2022 года сярод выпускнікоў устаноў агульнай адукацыі, больш за 90% рэспандэнтаў назвалі роднай мовай беларускую, больш за 70% — рускую. Каля чвэрці выпускнікоў лічаць вывучэнне беларускай мовы “адным з маркераў патрыятызму і грамадзянскасці”. Пры гэтым, дадаў прадстаўнік Акадэміі адукацыі, каля траціны апытаных заявіла аб выкарыстанні беларускай мовы ў паўсядзённых зносінах.
Развіццё беларускай мовы дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, якія развівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спецыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.
У краіне праводзіцца палітыка русіфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).
Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны ЮНЕСКО ў 1999 годзе па прапанове Бангладэш. Свята мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
Photo by Karolina Grabowska