У выніку рэстаўрацыйных работ у Спаса-Праабражэнскім храме Полацка ў красавіку знайшлі новыя графіці. Адзін з надпісаў з’яўляецца сенсацыйным. Пра гэта паведамляе Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «Спаса-Праабражэнская царква Полацка адчыняе ўсё новыя старонкі старажытнай гісторыі Беларусі. Храм з’яўляецца не толькі ўнікальным помнікам дойлідства, але і сапраўднай «бібліятэкай» надпісаў-графіці»,  – пішуць навукоўцы. Графіці датуюцца перыядам з XII па XIX ст., а іх колькаць дасягнула чатырох тысяч. У красавіку на паўночных дзвярах храма быў расчышчаны фрагмент сцяны, памінальны запіс у пяць радкоў памерамі 17х6,5 см. Ён стаў сапраўднай сенсацыяй.  Вось як прачытала надпіс вядучы спецыяліст цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы, дацэнт Іна Калечыц: «+Праставіўся (памёр) Аўдакім месяца сакавіка ў першы дзень, папін Святога Спаса. Памяні, Госпадзі, у жыцці вечным. Майстар грэчаскай стараны». Навукоўцы патлумачылі, што праз вывучэнне графіці мы ведаем імя яшчэ аднаго чалавека, майстра і святара Аўдакіма, які жыў у часы прападобнай Еўфрасінні Полацкай, і якога можна паставіць у адзін шэраг з вядомымі імёнамі дойліда Іаана і майстара Лазара Богшы.  

Photo by DeLuca G