Святая імша ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла ў касцёле Святога Андрэя Баболі ў Полацку. Прапануем фотарэпартаж Кірыла Смалякова. Да 25 снежня ў вернікаў каталіцкай царквы працягваецца Адвэнт. Гэта асаблівы чатырохтыднёвы перыяд, прызначаны для годнай падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння. Ён суправаджаецца духоўнымі практыкаваннямі, засяроджаннем, пакаяннем, малітвай.   Традыцыйна ў гэты час у касцёле адбываюцца Рараты – святыя імшы ў гонар Маці Божай. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.   Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле патушана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок. Гэтая прыгожая сімволіка, як тлумачаць у касцёле, нагадвае пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца. Рараты асаблівым чынам нагадваюць людзям пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста – Сонца і Святла ўсяго свету. Падчас імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй і з’яўляецца сімвалам Апякункі перадкаляднага чакання – Марыі. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і прыпадабнення Богу. Раратка – сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло. Звычайна гэта свечка белага альбо светла-жоўтага колеру, перавязаная белай (ці блакітнай) стужкай і ўпрыгожаная зеленню ці ліліямі. У касцёлах раратку ставяць у сярэдзіну адвэнтавага вянка або пры алтары. Белая стужка на раратняй свечцы нагадвае праўду аб чысціні і Беззаганным Зачацці Марыі, а зеляніна – колер надзеі – гэта знак, што Марыя прынесла свету Надзею ўсіх часоў і пакаленняў. Ліліі і блакітная стужка традыцыйна сімвалізуюць саму Багародзіцу. На шлях разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй праз Адвэнт да Езуса ад шчырага сэрца благаславіў вернікаў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. «Пакуль працягваецца нашая зямная пілігрымка, – сказаў арцыбіскуп, – не забывайма прасіць Багародзіцу словамі цудоўнай песні: Марыя, Ты — як прамень святла між цернямі, Як ясны дзень для душаў верных. Пакуль ідзем зямной дарогаю Не пакідай Ты нас, о Маці Бога». Читайте также: В Новополоцке стартовала благотворительная акция «Подари новогоднее чудо!» «Вся атмосфера пропитана древностью». Россияне включили Полоцк в число красивейших городов Беларуси Почему Полоцк обязателен для посещения? Минчане рассказали, каким увидели наш город

Photo by KoolShooters