На мінулым тыдні стала вядома, што з просьбай назваць адну з цэнтральных вуліц Львова ў гонар Кастуся Каліноўскага да ўладаў украінскага горада звярнуліся арганізацыі “Беларускі інфармацыйны цэнтр у Львове” і “Заходні інфармацыйны фронт”.

“Украіна з’яўляецца часткай вялікай еўрапейскай сям’і, мы складаем адзінае цэлае з ЕС у супрацьстаянні з пуцінскім рашызмам і лукашэнкаўскай тыраніяй, мы падзяляем адны каштоўнасці і разам выказваем падтрымку беларускаму народу ў яго барацьбе за вызваленне ад пуцінска-лукашысцкай акупацыі”,  — гаворыцца ў звароце.

Рашэнне назваць вуліцу ў гонар Каліноўскага, на іх думку, стане “знакам салідарнасці львавян для беларускага грамадства, апазіцыйнага рэжыму”, а таксама “магутным сігналам і жэстам у падтрымку беларускага народа падчас узмацнення рэпрэсій супраць апазіцыі, палітычных зняволеных”.

1 лютага стала вядома, што ўлады Роўна вырашылі назваць адну з гарадскіх вуліц у гонар беларускага добраахвотніка Міраслава Лазоўскага, які загінуў у траўні 2023 года ў баі пад Бахмутам.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных Сіл Украіны.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачата крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Афіцыйная беларуская прапаганда прадстаўляе беларускага нацыянальнага героя, аднаго з кіраўнікоў антырасійскага паўстання 1863 года як “польскага тэрарыста”.

Photo by Ono Kosuki