Папярэдні заказ зрабіць можна ўжо цяпер. А яшчэ — прачытаць урывак з пачатку кнігі, які Еўрарадыё публікуе з дазволу выдаведцтва “Янушкевіч”.

***

“Пра хобітаў”

Гэтая кніга — пераважна пра хобітаў, і з яе старонак чытач даведаецца нямала пра іх характар, а штосьці і пра іх гісторыю. Болей звестак можна знайсці ў першых раздзелах «Чырвонай кнігі Заходняй ускраіны», якія выйшлі раней пад назваю «Хобіт» і якія напісаў Більба — першы хобіт, што праславіўся на ўвесь свет. Сам ён тыя раздзелы назваў «Туды і назад», бо апавядае ў іх пра сваё падарожжа на Усход і вяртанне дамоў — прыгоды, якія пазней уцягнулі ўсіх хобітаў у вялікія падзеі тае эпохі; пра апошнія і расказваецца тут.

Многія, аднак, захочуць даведацца пра гэты выбітны народ крыху болей ужо на самым пачатку апавядання, пагатоў не ва ўсіх знойдзецца папярэдняя кніга. Менавіта для такіх чытачоў і падаюцца ніжэй некаторыя найважнейшыя звесткі з хобітазнаўства, а таксама кароткі пераказ першай прыгоды.

Хобіты — непрыкметны, але вельмі старажытны народ (болей шматлікі ў мінулым, чым у нашы дні), бо яны любяць мір і спакой, а яшчэ добра ўробленую зямлю: для іх няма нічога лепшага за ўладкаваную вёску і дагледжанае поле. Яны ніколі не разумелі і не любілі механізмаў, складанейшых за кавальскія мяхі, вадзяны млын або кросны, але з прыладамі заўжды ўпраўляліся добра. Нават у даўнія часы хобіты насцярожана ставіліся да «бальшуноў», як яны нас называюць, а сёння і ўвогуле спалохана ўнікаюць, таму знайсці іх становіцца ўсё цяжэй.

У іх добры слых і востры зрок, і хаця яны схільныя да паўнаты і не любяць спяшацца без дай прычыны, рухаюцца яны спрытна і ўвішна. Хобіты спрадвеку валодалі мастацтвам знікаць хутка і бязгучна, калі міма тупае якісь здаравяка, з якім яны не хочуць сустракацца; і гэтае мастацтва яны ўдасканалілі так, што людзям яно падаецца амаль чараўніцтвам. Адылі ніякіх чараў хобіты ніколі не вывучалі, і няўлоўнасць іх ёсць звычайнюсенькім навыкам, які дзякуючы спадчыннасці і практыцы ды яшчэ вялікай любові да зямлі зрабіўся непераймальным для вялікшых і нязграбнейшых народаў.

Вось жа, хобіты з выгляду маленькія, меншыя нават за гномаў — у сэнсе, не такія дзябёлыя і каржакаватыя, нават калі і не нашмат ніжэйшыя. А рост іх бывае розным: ад двух да чатырох футаў, як на нашы меркі. Сёння хобіты рэдка калі сягаюць і трох футаў, але толькі таму, што здрабнелі, як яны кажуць самі, — у даўнія часы яны былі вышэйшымі. Згодна з «Чырвонаю кнігаю», Бандабрас Тук (Быкароў), сын Ізумбраса Трэцяга, меў росту ажно чатыры футы пяць цаляў** і мог ездзіць на кані. Хобіцкія летапісы цвердзяць, што яго перавысілі толькі два героі мінуўшчыны, але пра гэтую цікавую падзею яшчэ будзе расказвацца ў гэтай кнізе.

Што да хобітаў Воласці, пра якіх вядзецца ў гэтых двух гісторыях, то ў дні міру і дабрабыту яны былі народам вясёлым і лагодным. Адзяваліся яны ў яркія колеры, асабліва да душы ім быў жоўты і зялёны, а вось абутак насілі рэдка, бо іх ступні мелі цвёрдыя, як дубленая скура, падэшвы і былі пакрыты густым кучаравым валоссем — такім самым, як і іх галовы, — звычайна каштанавага колеру. Такім парадкам, адзінае рамяство, якім хобіты амаль не займаліся, было шавецтва, але пальцы яны мелі доўгія і спрытныя ды ўмелі майстраваць шмат іншых карысных і гожых рэчаў. Твары ў іх былі хутчэй дабрадушныя, чым прыгожыя: шырокія, з яснымі вачыма, чырвонымі шчокамі і ротам, заўжды гатовым смяяцца, есці і піць. І хобіты сапраўды шмат смяяліся, елі і пілі, часта і ад душы; жартавалі проста і пры любой наго дзе, а за стол сядалі шэсць разоў на дзень (калі было што пад’есці).

Народ яны былі гасцінны і вельмі любілі бяседы, а таксама падарункі, якія атрымлівалі і дарылі з аднолькаваю радасцю.

Зусім відавочна, не зважаючы на пазнейшае адчужэнне, што хобіты — нашы родзічы: яны шмат бліжэйшыя да нас, чым эльфы і нават гномы. Яны спрадвеку гаварылі на мовах людзей — штопраўда, на свой капыл — і падабалі ды ненавідзелі, лічы, тое самае, што і людзі. Цяпер, аднак, ужо і не скажаш, як дакладна мы звязаныя. Паходжанне хобітаў хаваецца ў глыбінях Старых Дзён, памяць пра якія даўно страчана. Адно эльфы яшчэ захоўваюць запісы пра тыя прамінулыя часы, але іх сказанні амаль цалкам датычацца іх саміх, людзі там з’яўляюцца рэдка, а хобіты не згадваюцца зусім. І ўсё ж ясна, што хобіты жылі сабе цішком у Серадзем’і задоўга да таго, як іх запрыкмецілі іншыя народы. А паколькі свет і без таго поўніцца дзіўнымі істотамі, то гэтае маленькае племя анікому не здавалася вартым увагі. Аднак у дні Більба і яго спадкаемца Фрода хобіты, зусім не з уласнай ахвоты, нечакана зажылі ўвагі і славы, патрывожыўшы думы Вялікіх і Мудрых.

***

Тыя дні, дні Трэцяй эпохі, ужо даўно мінулі, і выгляд зямель змяніўся незваротна, але край, у якім хобіты жылі тады і ў якім яны мешкаюць дагэтуль, — несумненна, той самы: паўночны захад Старога Свету, на ўсход ад Мора. Пра сваю ж сапраўдную радзіму хобіты Більбавых часоў не захавалі аніякіх звестак.

Любоў да навук (акрамя радаводства) была сярод іх з’яваю нячастаю, хоць у старых сем’ях яшчэ заставаліся тыя, хто вывучаў уласныя кнігі і нават збіраў у эльфаў, гномаў і людзей ведамасці пра даўнія часы і далёкія землі. Свае ж уласныя летапісы хобіты пачалі весці ўжо толькі пасля засялення Воласці, і нават іх самыя старажытныя легенды не сягаюць у даўніну далей за Дні Блукання. Але і з гэтых легендаў, а таксама з тых апрычоных слоў і звычаяў, якія дагэтуль бытуюць сярод хобітаў, зусім ясна, што яны, як і шмат якія іншыя народы, у сівой мінуўшчыне перасяліліся на Захад з Усходу. У іх найранейшых паданнях, здаецца, знайшлі свой цьмяны адбітак часы, калі хобіты жылі ў далінах верхняга Андуіна паміж ускрайкам Вялікага Зеленалесся і Імглістымі гарамі. Чаму пазней яны выправіліся ў цяжкае і небяспечнае падарожжа праз горы ў Эрыядор, цяпер невядома. Іх уласныя паданні кажуць пра людзей, якіх стала ў тых краях забагата, а яшчэ пра цень, што паў на пушчу, ад чаго яе напоўніў змрок і яна стала звацца Цемналессем.

Яшчэ да пераходу праз горы хобіты раздзяліліся на тры крыху розныя віды: хутраногі, таўсмачы і белуны. Хутраногі былі смуглейшымі, меншымі і ніжэйшымі за астатніх, не насілі барод і абутку, рукі мелі спрытныя, ногі прудкія, а жыць любілі ў гарах і на пагорках. Таўсмачы ж былі больш каржакаватымі і дзябёлымі, рукі і ногі ў іх былі вялікшыя, а сяліліся яны на раўнінах і ў далінах рэк. Што да белуноў, то яны мелі светлы твар і валасы, былі вышэйшымі і зграбнейшымі за іншых хобітаў, вельмі любілі дрэвы і мясціны, парослыя лесам.

Хутраногі ў даўніну шмат стасаваліся з гномамі і доўга жылі ў перадгор’ях. Яны першымі вырушылі на захад у Эрыядор і дайшлі ажно да Ветрагора, пакуль астатнія яшчэ перабывалі ў Дзіказем’і. Яны былі найбольш характэрным і тыповым відам хобітаў, а таксама і найшматлікім. Яны болей за ўсіх былі схільныя да аселага жыцця і найдаўжэй захоўвалі звычай продкаў жыць у лёхах і норах.

Таўсмачы доўга мешкалі на берагах Вялікае ракі Андуін і меней за іншых цураліся людзей. Як і хутраногі, яны выправіліся на захад, але потым павярнулі на поўдзень і рушылі ўздоўж Шумавіцы. Там многія з іх доўга жылі паміж Тарбадам і Дунландам, пакуль урэшце не вярнуліся на поўнач.

Белуны былі відам паўночным і самым малалікім. Яны болей сябравалі з эльфамі, чым з іншымі хобітамі, да моў і песень былі здальнейшымі, чым да рамёстваў, і ў даўніну аддавалі перавагу паляванню перад земляробствам. Яны перасеклі горы на поўнач ад Раздола і спусціліся ўздоўж Студзянкі. У Эрыядоры яны хутка змяшаліся з іншымі хобітамі, якія асталяваліся там раней, але, будучы крыху смялейшымі і рызыкоўнейшымі, яны часта станавіліся правадырамі і верхаводамі ў хутраногаў і таўсмачоў. Нават у Більбавы часы белуновая кроў яшчэ добра адчувалася ў такіх вялікіх родах, як Тукі і гаспадары Туравай стараны.

На заходніх прасторах Эрыядора, паміж Імглістымі і Лунскімі гарамі, хобіты знайшлі і людзей, і эльфаў. Там сапраўды яшчэ мешкалі апошнія з дунаданаў, людскіх каралёў, што некалі прыплылі з-за Мора, з Заходняй Выспы; але яны хутка выміралі, і землі іх Паўночнага Каралеўства пакрысе ператва раліся ў пустку. Вольнага месца для новапрыбыльцаў хапала, і неўзабаве хобіты пачалі будаваць свае першыя сталыя паселішчы. У Більбавы часы ад іх ужо не засталося і шчаду, але адно з найважнейшых такі выжыла, хоць і значна здрабнела; месцілася яно ў Бры, а таксама ў навакольнай Чэцкай пушчы, за якія сорак міль* ад Воласці.

Няма сумневу, што акурат у тыя раннія часы хобіты пазнаёміліся з пісьмом і пачалі весці запісы падобна дунаданам, якія перанялі гэтае мастацтва ад эльфаў. У тую ж пару яны забылі і тыя мовы, на якіх гаварылі раней, ды перайшлі на агульную, заходнюю мову, якая ўжывалася ва ўсіх дунаданскіх землях ад Арнара да Гондара, а таксама па ўсім узбярэжжы ад Белфаласа да Луна. І ўсё ж хобіты захавалі некалькі ўласных слоў, а таксама свае назвы месяцаў і дзён тыдня ды яшчэ мноства старых імён.

Недзе ў гэты самы час хобіты ўпершыню пачынаюць весці летазлічэнне, і на змену паданням прыходзіць гісторыя. Бо ў год тысяча шэсцьсот першы Трэцяй эпохі браты-белуны Марча і Бланка на чале вялікае грамады хобітаў вырушылі з Бры і, атрымаўшы дазвол ад вялікага караля ў Форнасце, пераправіліся праз бурую раку Барандуін. Прайшоўшы праз Каменналуцкі мост, пабудаваны ў пару магуты Паўночнага Каралеўства, яны занялі ўсё зарэчча ажно да Далёкіх грудоў**. Наўзамен ад іх запатрабавалі адно падтрымліваць у добрым стане Вялікі мост, а заразом і ўсе астатнія масты і дарогі ў краі, спрыяць пасланцам вялікага караля ды прызнаваць над сабою яго ўладу.

Так пачалося Валасное летазлічэнне, бо год пераправы праз Брэндзівінну (так хобіты перайначылі назву тае ракі) стаўи Першым годам Воласці, і ўсе наступныя даты адлічваюцца ад яго. Новы край так палюбіўся заходнім хобітам, што яны амаль не пакідалі яго межаў і хутка зноў прапалі з гісторыі эльфаў і людзей. Пакуль быў кароль, яны яшчэ лічыліся яго падданымі, але на справе ўжо даўно падпарадкоўваліся толькі сваім правадырам і падзеямі вонкавага свету ані не цікавіліся. На апошнюю бітву пры Форнасце з Уладцам-ведзьмаром Ангмара яны паслалі ў помач каралю невялікі атрад лучнікаў — прынамсі, так яны цвердзяць самі, хоць у летапісах людзей пра гэта няма ані слова. Як бы там ні было, а ў той вайне Паўночнае Каралеўства загінула, і хобіты сталі адзінымі гаспадарамі свайго краю ды пачалі выбіраць са сваіх правадыроў старасту, які мусіў выконваць абавязкі нябытнага караля. Дзесяць соцень гадоў яны не ведалі войнаў і пасля  Чорнага мору квітнелі ды множыліся ажно да навалы Доўгай зімы і наступнай бяз’ежыцы. Тады памерла не адна тысяча хобітаў, але на час гэтай гісторыі Галодныя Гады (1158–1160) засталіся ў далёкай мінуўшчыне, і хобіты паспелі зноў прызвычаіцца к дастатку.

Край быў багаты і лагодны, і хаця, калі там з’явіліся хобіты, ён ужо шмат гадоў пуставаў, даўней яго старанна ўраблялі, і сам кароль некалі меў там нямала хутароў, палеткаў, вінаграднікаў і пушчаў.

На сорак ліг працягнуўся ён ад Далёкіх грудоў да Брэндзівінскага моста і на пяцьдзясят — ад паўночных верасоўяў да паўднёвых балот. Хобіты назвалі яго Воласцю — гэта значыць прастораю ўлады свайго старасты і месцам ладу і парадку; і вось у гэтай утульнай старонцы яны сталі весці сваё добраўпарадкаванае жыццё, усё меней зважаючы на вонкавы свет, дзе таілася цьма, пакуль урэшце не прывыклі думаць, што мір і дастатак ёсць законам усяго Серадзем’я і правам усякае разважнае грамады. Яны забылі ці не хацелі згадваць тое нямногае, што калісьці ведалі пра Дазорцаў, чые намаганні і зрабілі магчымым доўгі мір у Воласці. Хобітаў, па сутнасці, ахоўвалі, але пра гэта ніхто з іх ужо даўно не помніў.

Ваяўнічасці ў іх не было ні каліва, і міжсобку яны ніколі не варагавалі. У даўнія часы ім, вядома, нярэдка даводзілася змагацца, каб выжыць у гэтым суровым свеце; але ў Більбаву бытнасць усё гэта засталося ў сівой мінуўшчыне. Адышла ў забыццё і апошняя дый напраўду адзіная бітва ў межах Воласці: пры Зеленаполлі ў 1147 годзе (В. Л.), у якой Бандабрас Тук сашчэнціў атрад прышлых оркаў. Змякчылася нават надвор’е, і ваўкі, што ў маразяныя зімы ўчынялі набегі з поўначы, цяпер сталі бабулінымі казкамі. І ўсё-такі ў Воласці яшчэ заставалася сякая-такая зброя, але ўжывалі яе выключна як аздобу: вешалі над камінамі або на сцены ці ўвогуле здавалі ў музей у Велькім Рытаве. Называўся ён Знадбенным домам, бо ўсё, што хобітам было непатрэбна, а выкідаць было шкада, яны называлі знадбенем. Такіх знадбеняў у іх жытлах збіралася парадкам, і многія падарункі, што пераходзілі з рук у рукі, былі менавіта такога кшталту.

Тым не меней мірнае і сытае жыццё, як гэта ні дзіўна, аж ніяк не распесціла гэтага народа. Запалохаць, а тым болей забіць хобіта было няпроста; і можа стацца, яны таму гэтак нястомна цешыліся сваім дабрабытам, што ў разе чаго маглі не толькі абысціся без яго, але і зносіць напасці і нягоды куды трывалей, чым можна было падумаць, гледзячы на іх пульхныя жываты і сытыя твары. Хоць сварыліся яны неахвотна і тым болей ніколі не забівалі дзеля забавы, небяспеку заўжды сустракалі смела і адважна, а пры пільнай патрэбе маглі ўзяцца і за зброю. Яны мелі востры зрок і цвёрдую руку, таму вельмі добра стралялі з лука.

Дый не толькі з лука. Калі хобіт нахіляўся па камень, то кожны зайшлы на яго поле звер добра ведаў, што пара пускацца наўцёкі.

Усе хобіты раней жылі ў норах, прынамсі, так яны самі лічаць, і менавіта ў падобных жытлах яны дагэтуль пачуваюцца найлепш; але з часам ім давялося прызвычаіцца да іншых відаў жылля. Праўду кажучы, у Воласці Більбавых часоў старую завядзёнку збольшага захоўвалі адно найбагацейшыя і найбяднейшыя хобіты. Апошнія па-ранейшаму жылі ў зусім простых зямлянках, па сутнасці — сапраўдных норах з адным акном, а часам і ўвогуле без; заможныя ж хобіты будавалі пад зямлёю больш раскошныя жытлішчы. Аднак прыдатныя мясціны для такіх вялікіх і разгалінаваных нор (ці сміялаў, як іх называлі самі хобіты) былі не паўсюль, таму на раўнінах і ў нізінах, дзе хобіты множыліся хутчэй, яны пачалі будаваць і наземныя дамы. Нават ва ўзгорыстых мясцінах і такіх старых вёсках, як Хобіцін або Тукава, дый і ў галоўным мястэчку Воласці Велькім Рытаве, што на Белых грудах, было нямала дамоў з дрэва, каменю і цэглы. Іх асабліва падабалі млынары, кавалі, вераўчанікі, стальмахі ды іншыя рамеснікі, бо нават калі хобіты і жылі ў норах, для гаспадарчых патрэб яны здаўна будавалі сабе ўсялякага кшталту свірны і майстэрні.

Працяг — у кнізе “Брацтва пярсцёнка”, замовіць можна на сайце выдавецтва.

Пераклад: Ігар Кулікоў

 

Заглавное фото предоставлено - cottonbro studio