Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я запрасіў жыхароў і гасцей Полацка пазнаёміцца з асаблівасцямі святкавання Вялікадня ў Беларусі. Калісьці ў гэты вясновы перыяд на нашых землях быў шырока распаўсюджаны валачобны абрад. Элементы яго рэканструкцыі паказаў знакаміты полацкі гурт «Варган». Атрымалася, як заўсёды, цёпла,  душэўна, прыгожа. Фота: Кірыл Смалякоў Валачобны абрад з’яўляецца адметнаю з’явай нашай этнаспадчыны і адной з асаблівасцяў народнага святкавання Вялікадня ў Беларусі. Сабраўшыся ў гурт, валачобнікі з песнямі абыходзілі вёску і віншавалі са святам яе жыхароў. Але гэта быў не просты абыход, кожнае дзеянне мела свой глыбінны сэнс. Па народных уяўленнях, як патлумачыла вядучы навуковы супрацоўнік музея Настасся Цыганкова, валачобнікі лічыліся гасцямі з іншага свету. Паміж імі і гаспадарамі абдываўся своеасаблівы дараабмен: праз песню валачобнікі зычаць людзям шчасця і долі, гаспадары ж адорваюць гасцей фарбаванымі яйкамі, салам, мясам, іншымі пачастункамі. Каб зычэнні спраўдзіліся, аддзячыць трэба было па магчымасці шчодра. Цікава, што толькі ў нашам рэгіёне валачобнікі маюць як мінімум пяць розных варыяцый назваў. Сярод іх – валоўнікі і валачоўнікі, усё лічыцца правільным. У цэлым па Беларусі абрад прадстаўлены амаль па ўсёй тэрыторыі, за мяжой – у месцах, якія геаграфічна блізкія нашай зямлі. «Варган», па сваёй ужо завядзёнай традыцыі, зладзіў з гасцямі свята інтэрактыў. Толькі тыя настроіліся слухаць прыгожыя спевы ў славу Хрыста ды на радасць усім добрым людзям, як кіраўніца калектыву Вольга Емельянчык прапанавала спяваць разам. Ніхто і не працівіўся: хуценька вывучылі рэфрэн, а адзін з валачобнікаў, Яўген, саліраваў. Атрымалася, як мінімум, душэўна. Далей пайшлі гульні, танцы і ўсялякі такі «варушняк», без якога ўявіць падобнае мерапрыемства ў музеі ўжо немагчыма. Некаторыя наведвальнікі прыйшлі ў нацыянальных строях. Можна толькі пазайздросціць такой прыгажосці – здаецца, строй пасуе абсалютна ўсім, ён толькі падсвечвае знешнасць, постаць і агонь у вачах. «Райскія спевы на райскай Зямлі. Чароўна, шчыра, кранальна», – так звычайна ацэньваюць гледачы сустрэчы з «Варганам». Калі вы яшчэ не былі на мерапрыемствах музея з удзелам знакамітага фальклорнага гурта – сачыце за абвесткамі і абавязкова завітайце на чарговую імпрэзу. А пакуль што «частуйцеся» здымкамі полацкага куточка, дзе пад буйнымі каштанамі нашы людзі спяваюць, танчаць, аднаўляюць традыцыі роднай зямлі і натхняюцца нематэрыяльнымі скарбамі нашай Беларусі. Читайте также: Как в Полоцке пройдет Ночь музеев? Уже есть программа В Полоцке стартовал прием заявок на премию имени Алеся Савицкого. Какие условия? Национальный драматический театр имени М. Горького привезет в Полоцк спектакль «Горький хлеб»

Photo by Sinitta Leunen