Учора ў Палацы Незалежнасці прайшоў вялікі баль, у якім удзельнічаў і Аляксандр Лукашэнка. Ён выступіў з прамовай, а пасля нават патанчыў з маладой прыгажуняй, пiша «Наша нiва».
«Наша Ніва» адшукала гэтую дзяўчыну — 20-гадовую Вольгу Пятровіч. Яна студэнтка 3-га курса БДТУ.
Дзяўчына ўдзельнічае у конкурсах прыгажосці, гуляе ў тэніс, расказваюць пра яе знаёмыя. Вучыцца добра, стараста сваёй групы. Жыве ў інтэрнаце.
«Файная дзяўчына, добрая, заўсёды дапамагае», — кажуць пра яе сяброўкі.
«Наша Ніва» звязалася з самой Вольгай.
«Гэта было незабыўна. Не ўсім выпадае такая магчымасць, — кажа дзяўчына пра баль. — Атмасферу не перадаць, усё настолькі ўрачыста… Мы шмат да гэтага рыхтаваліся, харэографы ўклалі шмат сіл і працы. Рэпетыцыі ішлі месяц — і нашу працу было выдатна заўважна.
Спачатку танчылі паланэз, паўночную кадрыль і кадрыль бамонд, па-дэ-грас. Пасля пачалася свабодная праграма.
Я сама запрасіла Лукашэнку на танец. Ён не адмовіў - танчыць добра. Танчылі вальс, гаварылі пра баль, якая ўрачыстая абстаноўка, якія танцоры і як яны выдатна выглядаюць і стараюцца».
Вольга мяркуе, што яе паклікалі на мерапрыемства, бо яна актыўна ўдзельнічае ў жыцці ўніверсітэта і сёлета ўдзельнічала ў конкурсе «Міс Беларусь».
«Але конкурс на паўфінале спынілі праз каранавірус — пакуль яго так і не скончылі», — кажа дзяўчына.
Дарэчы, пра каранавірус — на балі ўсе былі без масак. Чаму так?
«Нас кантралявалі ў гэтым пытанні, ці ўсе сябе добра адчуваюць. Таму не сумнявалася, што канфузаў не будзе.
Тэст на каранавірус я не здавала, але падчас рэпетыцый тэмпературу і нашае самаадчуванне кантралявалі, — тлумачыць Вольга. -
Маскі не адзявалі, але яны ў нас былі з сабою — у грамадскім транспарце ж без маскі не паедзеш. Што прэзідэнт без маскі, пытанняў ні ў каго не выклікала».
«Наша Ніва» пацікавілася і палітычнай пазіцыяй дзяўчыны.
«Я сёлета не галасавала. Вырашыла застацца ў баку ад гэтага пытання, — адказала Вольга. — Пра падзеі ў краіне — я захоўваю нейтралітэт. Кожны бок па-свойму мае рацыю — і не мае адначасова. Таму я канкрэтнай пазіцыі не займаю».
Вольга родам з Барысава. Яна вучыцца на інжынера лясной гаспадаркі.
«Я выбрала гэтую спецыяльнасць, бо люблю прыроду і хачу захаваць лясы ў Беларусі. Вывучаць расліны, лес, жывёл — вельмі цікава і мне вельмі падабаецца, — кажа яна. -
Я вучуся на бюджэце. Таму будзе два гады адпрацоўкі, я даведаюся, як працуецца ў гэтай галіне, а пасля буду глядзець, які шлях мяне чакае далей. Бо мне таксама прапаноўвалі ва ўніверсітэце застацца выкладчыкам пасля сканчэння вучобы».
Сям’я, па словах дзяўчыны, у яе самая звычайная.
«Бацька меў медыцынскую адукацыю, але, на жаль, яго не стала некалькі гадоў таму. А мама таксама медык. Я ёй ужо расказала пра баль, што танчыла з Лукашэнкам — яна вельмі рада за мяне», — паведаміла Вольга.